Прагляд мастацкага фільма “Асуджаныя на вайну” (7-11 кл.)

29.01.2022
У мінулую суботу, 29 студзеня, для вучняў старэйшых класаў быў арганізаваны прагляд фільма “Асуджаныя на вайну” (паводле аповесці В. Быкава “Пайсці і не вярнуцца”). Кінастужка распавядае пра лёс удзельнікаў партызанскага атрада, двух маладых людзей – Зосі і Антона. Зосьцы, якая трапіла ў вір вайны, у атрадзе вызначана роля разведчыцы. У атрадзе яна атрымала адказнае заданне, ідучы выконваць якое, дзяўчына заўважае, што за ёй следам ідзе Антон, каторы дэзерціраваў з атрада. Пэўнага драматызму сюжэту дадае такая акалічнасць, як закаханасць герояў адно ў аднаго. У пераломны момант вайны высвятляюцца сапраўдныя абліччы персанажаў. Перад імі стаіць маральны выбар: застацца верным абавязку або стаць здраднікам Радзімы. Хтосьці адзін паспрабуе стаць на шлях здрадніцтва. Пасля прагляду фільма была праведзена віктарына-абмеркаванне, якая паказала, што вучні пранікліся сюжэтам фільма, зрабілі правільныя высновы аб сапраўдным патрыятызме ўдзельнікаў вайны. З вуснаў старшакласнікаў прагучалі словы асуджэння здрадніцтва і фашызму. На думку юных гледачоў, якіх, на жаль, было не так шмат, мерапрыемства атрымалася цікавым і карысным.